Уражанне ад спектакля “Мабыць?” РТБД

Уражанне ад спектакля “Мабыць?” Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі

Адбітак кожнага
“Мабыць, гэта цікава: даведацца аб нечым
пра сябе праз іншага чалавека”
Зміцер Давідовіч (акцёр РТБД)

Дакументальнага тэатра, або вербатыма, як з’явы дзяржаўнай тэатральнай сцэны ў Беларусі амаль што няма. І гэта вельмі дзіўна: у Еўропе і Расіі гэта даўно апрабаваны жанр. Менавіта вербатым дазваляе распачаць гутарку аб сучасніке, шукаць адказ на пытанне “хто мы такія”, тым самым ствараючы па-сапраўднаму сучасны тэатр.

Эсперыментальнай пастаноўкай “Мабыць?” рэжысёр Аляксандр Марчанка распачаў старонку дакументальных спектакляў на дзяржаўных тэатральных сцэнах. Аснову для “Мабыць?” складаюць інтэрв’ю з рэальнымі людзьмі, рэдактаваныя і зведзеныя ў адзіны малюнак драматургам Зміцерам Багаслаўскім. Нешта нязвыклае заўсёды прываблівае гледача, асабліва калі ён падрыхтаваны. “Мабыць?” з’явілася у патрэбны час, тэатральная грамадскасць чакала такой пастаноўкі.

Перад спектаклем у холе праходзіла апытанне. Мне далі паперку, прапанаваўшы пісьмова адказаць на пытанні, якія, як потым аказалася, для кожнага былі розныя. Але кантэйнера для апытальніка нідзе не было, і, заінтрыгаваная, я увайшла з паперкай у глядзельную залу.

Яшчэ не прагучаў апошні званок, а з калонак ужо пачалі раздавацца галасы: пракручвалі інтэрв’ю, дзе людзі адказвалі, якая з дзвюх дзяржаўных моў ім бліжэй, руская ці беларуская. Мабыць, правяраюць гук, — падумала я. Але на інтуітыўным узроўні я адчувала, што ўсе не проста так. Можа гэта і сапраўды была праверка гука, але нават тады, ужо седзячы у глядзельнай зале, я незнарок пачала разважаць са слова мабыць. І на самой справе, а як часта мы неўпэўнены ў сваіх словах, дзеяннях, у саміх сабе?

Паперкі пачалі збіраць ужо ў зале: акцёр Зміцер Давідовіч падыйшоў да кожнага з кантэйнерам. Потым, на сцэне, з гэтага ж кантэйнера яны будуць даставацца і выбарачна зачытвацца, распачынаючы новую частку спектакля. Але на пачатку чамусьці не гасне святло. Яго роля мінімілізавана, яно то загараецца, то знікае, тым самым не ствараючы паміж залай і сцэнай чацвёртай сцяны.

Глядач знаходзіцца сярод такіх жа, як ён, маючых права на голас, людзей. Раптам перада мной загаварыла жанчына. Загаварыла аб чымсьці простым, жыццёвым. Потым у іншым канцы залы – другая. Потым – мужчына. Я іх не бачу, але чую галасы. А ці заўважаем мы людзей вакол нас, такіх самых людзей, як і мы, ці ведаем мы пра іх жаданні, мары, праблемы? “Галасы” кажуць па-руску, па-беларуску, на трасянцы. У гэты ж час чалавек наклейвае ізаляцыйную стужку на сцэну. Мабыць, слухаць гэта небяспечна. Мабыць, казаць – таксама. Зараз кожны з “галасоў” павінен прайсці праз стужку, каб узысці на сцэну. Гэта яго выбар.

Дванаццаць акцёраў, якія і на сцэне – проста акцёры. Гэта нагадве нейкі сучасны рэстаран,у якім наведвальнік можа ўбачыць, як гатуецца ежа, з якіх прадуктаў і, нават, дзе мыюцца талеркі. Акцёры нічога не утойваюць ад гледача. Яны быццам разам з ім стараюцца зразумець сваіх герояў, спачуваюць ім. Гэта выклікае адчуванне сапраўднасці, знікае недавер, боязь быць ашуканым. Калі ім патрабуецца стаць кімсьці іншым, каб расказаць гісторыю, яны абуваюць чужы абутак. Ён у патрэбныя моманты падае з-пад каласнікоў, ствараючы грукат, і суправаджаецца граннем на акардэоне. Акцёры прымерваюцца, выбіраюць, звыкаюцца з туфлікамі, чаравікамі, потым прадстаўляюцца і пачынаюць распавядаць гісторыю. Тут і роздумы іншаземцаў аб нашай краіне, іх уражанні ад яе наведвання, ад абсурдных сітуацый, якія здараліся з імі. Італьянцы кажуць пра беларускую мацарэлу, высокі кошт у гасцініцах, беларускае вяселле, пра складаную рускую мову…

А вось і расіянка, якая разважае аб дабрыні беларусаў, называючы іх “Бо”. Яна кажа, што Бо наіўны, сарамлівы, чысты. Але чаму ён такі,калі ў яго вырабляецца добры самагон? Смех у зале. Але на самой справе: хто такі сапраўдны Бо?

Потым ідуць роздумы пра адданасць, мову, радзіму, узаемасувязь гэтых паняццяў. Асоба за асобай, абутак за абуткам, мелодыя за мелодыяй, частка за часткай – на сцэне разважаюць пра розныя рэчы. Напрыклад, зараз кажа транспартны рэвізор. Аказваецца, у яго таксама ёсць пачуцці, у адсутнасці якіх яго абвінавачваюць пасажыры. Ён распавядае пра абураных пенсіянераў, нецвярозых людзей, агрэсіўныя паводзіны ў транспарце. Здаецца, так знаёма амаль кожнаму, але ці глядзелі мы на гэта пад іншым вуглом?

Дакументальнымі маналогамі драматург будуе шлях ад невялічкіх пытанняў, простых тэм да больш цяжкіх і складаных. Вось ужо сваю гісторыю распачынаюць жанчыны, якія пакутвалі ад хатняга гвалту. Спачатку адна, потым другая. Слухаючы жахлівыя апавяданні, на самой справе пачынаеш задумвацца, а што значыць стойкасць? Паступова атмасфера у зале распальваецца, становіцца інтымнай, сяброўскай: аб такіх рэчах немагчыма размаўляць з незнаёмымі людзьмі.

Надалей аб сваіх назіраннях у стылі “Трохграшовага рамана” расказвае “Дыма, журналіст”. Ён распавядае аб папрашайках каля царквы, кажа, што “раскусіў” іх хітрую схему, разважае на тэму міласціны. Яго вельмі старанна стараецца перапыніць музыкант ігрой на акардэоне: мабыць, не трэба гэта слухаць, не для вас. Ён нібыта адзін з “фабрыкі жабракоў”, які стараецца адвесці ад яе ўвагу . Увогуле, прыём заглушкі аповеда прымушае гледача прыслухоўвацца і жадаць слухаць далей: тое, што забаронена, прываблівае. Гэта прывабіла і наступную жанчыну. Яна распавядае пра сваю няўдалую спробу спірытычнага сэансу, якая паламала яе жыццё. Пад канец гэтага аповеда ўсе іншыя “галасы”, збіўшыся ў гурток, пачынаюць дрыжаць і “прыкалвацца”, пужаючы адзін аднаго. Гэтыя жывыя гратэскныя замалёўкі разам з акардыяністам (Ягор Забелаў) добра разбаўляюць асноўны тэкставы малюнак, робячы спектакль больш зграбным і лёгкім для ўспрымання. Пры гэтым кожная замалёўка метафарычна. Так, напрыклад, пазабавіла вынаходка рэжысёра з навінамі еўраньюз, якія прагучалі у труме пад сцэнай.

У апошняй частцы спектакля пра краіну разважае стары чалавек з Плотніцы. Незразумелы акцэнт, марудныя адказы, і тут адбываецца тое, чаго так доўга чакала менавіта я. На пытанне ”хто ты” чалавек адказвае “мэстны”. Ён расказвае пра сваё жыццё, кажа, што нідзе не быў, акрамя Беларусі. Ці праблема гэта сучаснай тутэйшасці альбо іншы погляд на Радзіму? Але драматург вырашае не выводзіць гэтае пытанне на галоўны план. Фінальным “голасам” спектакля становіцца “Сяргей, прадпрымальнік”, які са старых дамоў будуе новыя. Ці падагульніла? Не, але ў гэтым і сэнс.

Чатыры часткі, шмат розных гісторый, кожная з якіх – не проста гісторыя. Лік акцёраў (іх дванаццаць) сімвалічан і можа з’яўляцца адсылкай да апосталаў, якія нясуць свае ідэі, аб’яднаныя адной мэтай. З канкрэтнай чалавечай гісторыі нараджаюцца роздумы аб любові да сябе, да сваёй краіны, да сваёй нацыянальнасці. У гэтым спектаклі – адбітак кожнага з нас, кожнага беларуса.
З-за таго, што адказы гледачоў кожны раз розныя, сэнсавае адценне частак спектакля будзе таксама адрознівацца. Аднак гэта яшчэ дакладней паказвае, што менавіта мы ўплываем на падзеі ў свеце, у сваёй краіне. Таму што гэты спектакль не проста спектакль, гэта сучаснае жыццё, змешчанае ў тэатры.

На працягу дзеяння з’яўляецца ўражанне, што ты і ўвогуле не ў глядзельнай зале, а ”за чаркай” слухаеш жыццёвы аповед. Яно падмацоўваецца фінальным чоканнем у калонках: акцёрам разам з рэжысёрам і драматургам было нялёгка збіраць матэрыял для спектакля. У гэты момант спадае ўсё напружанне, але застаецца жаданне асэнсоўваць і “даходзіць”.
Вельмі важна зразумець, што гэтыя гісторыі не менавіта пра “тых” людзей, а пра кожнага з нас. Кожная з гісторый наша, альбо часткова наша. Яны адбіваюцца на нас, а мы так альбо інакш адлюстроўваемся ў іх. Праз гэтыя гісторыі мы можам даведацца пра сябе.

Мабыць, у РТБД зараджаецца дакументальны беларускі тэатр. Менавіта беларускі. І каб яго стварыць, трэба на самой справе пачынаць з пытання: а хто мы, беларусы? Што таіцца за гэтай назвай, пра што нам балюча казаць, што не дазваляе нам ісці наперад, што нас аб’ядноўвае? А пакуль што мы будзем шукаць адказы на гэтыя пытанні і шлях сучаснага беларускага тэатра разам з РТБД. Мабыць, за гэта дзякуй.

Реклама

Добавить комментарий

Заполните поля или щелкните по значку, чтобы оставить свой комментарий:

Логотип WordPress.com

Для комментария используется ваша учётная запись WordPress.com. Выход /  Изменить )

Google+ photo

Для комментария используется ваша учётная запись Google+. Выход /  Изменить )

Фотография Twitter

Для комментария используется ваша учётная запись Twitter. Выход /  Изменить )

Фотография Facebook

Для комментария используется ваша учётная запись Facebook. Выход /  Изменить )

Connecting to %s